У Беларусі пачалі спецвытворчасць на 4 чалавек за напад на дыпламатаў у Лондане
Следчы камітэт / sb.by
Следчы камітэт пачаў "спецвытворчасць" супраць чатырох чалавек, якіх вінавацяць у нападзе на супрацоўнікаў беларускай дыпмісіі ў Лондане ў 2021 годзе.
Беларускае ведамства выклікае абвінавачаных Вадзіма Багаўкова, Максіма Зуева, Аляксандра Напрэенку і Сяргея Рабушку.
Усім чацвярым інкрымінуюць ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 3 арт. 218 (наўмыснае пашкоджанне чужой маёмасці са шкодай у асабліва буйным памеры).
Зуеву і Багаўкову інкрымінуюць яшчэ і ч. 1 арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы)
Здарэнне адбылося 19 снежня 2021 года. Як тады распавядалі ў МЗС, на беларускую амбасаду ў Лондане адбыўся напад. Невядомыя сапсавалі фасад будынка, а калі на месца здарэння прыбылі беларускія дыпламаты, на іх напалі.
Аднаму з дыпламатаў спатрэбілася меддапамога. У яго дыягнаставалі страсенне мозгу лёгкай ступені, пералом носа і пашкоджанне зуба.
Мужчыны, якіх Следчы камітэт падазрае ў нападзе на амбасаду ў Лондане / t.me/skgovby
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.