У Беларусі павялічылася колькасць махлярстваў — за 9 месяцаў у паўтара разы

Часцей за ўсё ахвярамі тэлефонных махляроў становяцца пенсіянеры / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Часцей за ўсё ахвярамі тэлефонных махляроў становяцца пенсіянеры / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Рост колькасці махлярстваў у Беларусі за 9 месяцаў гэтага года склаў 48%, кажа першы намеснік старшыні Следчага камітэта Алег Шандаровіч.

"Калі прыводзіць канкрэтныя лічбы, то летась было зарэгістравана 3,7 тыс. такіх злачынстваў. Сёлета — ужо 5,5 тыс.", - расказаў ён у інтэрв'ю БЕЛТА.

Пры гэтым падкрэсліў, што ў гэты лік трапілі не толькі факты падману, але і замах на махлярства. Прычым "пераважная колькасць такіх злачынстваў застаюцца менавіта на ўзроўні замаху. Грамадзянам тэлефануюць, але людзі разумеюць, што гэта ашуканцы і не паддаюцца на іх хітрасць. Усё гэта мы рэгіструем", адзначыў Шандаровіч.

Але здараюцца і выпадкі, калі людзі вераць ашуканцам і аддаюць ім грошы. Ахвярамі тэлефонных аферыстаў часцей становяцца пенсіянеры. Гаворка ў тым ліку пра сітуацыі, калі ашуканцы пераконваюць пажылых людзей, што іх сваякі трапілі ў ДТЗ і патрэбныя грошы "замяць" справу. Пры гэтым да адказнасці атрымоўваецца прыцягнуць толькі кур'ераў. Арганізатары афёр, часцей за ўсё, знаходзяцца за мяжой.

"Важна разумець, што такая злачыннасць носіць транснацыянальны характар. У асноўным званкі паступаюць з краін постсавецкай прасторы, дзе людзі гавораць на рускай", - адзначыў Шандаровіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі