У Беларусі створаць камісію па выяўленні экстрэмізму

Дакумент прадугледжвае стварэнне спецыяльнай экспертнай камісіі, у задачы якой увойдзе ацэнка выпушчанай інфармацыйнай прадукцыі на наяўнасць у ёй элементаў экстрэмізму.

Пастанова прадугледжвае і стварэнне сістэмы экспертных камісій у кожнай з абласцей Беларусі, перадае БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу ўраду. Рэспубліканская экспертная камісія, створаная пры Міністэрстве інфармацыі, будзе таксама выконваць функцыі экспертнай камісіі па горадзе Мінску.

У камісію ўвойдуць “аўтарытэтныя эксперты ў сферы філасофіі, псіхалогіі, філалогіі, сацыялогіі, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, якія ажыццяўляюць супрацьдзеянне экстрэмізму, што дазволіць усебакова і кампетэнтна разглядаць матэрыялы на прадмет наяўнасці ў іх прыкметаў экстрэмізму”.

Камісія будзе мець права запытваць і атрымліваць неабходныя дакументы, матэрыялы і інфармацыю, якія маюць значэнне для правядзення экспертыз. Таксама яна зможа запрашаць і слухаць на сваіх пасяджэннях прадстаўнікоў дзяржорганаў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры неабходнасці для экспертыз будуць далучацца розныя спецыялісты, грамадскія дзеячы, якія не ўваходзяць у камісію.

Падставамі для правядзення экспертызы інфармацыйнай прадукцыі будуць звароты дзяржаўных органаў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў і індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама пастановы дзяржорганаў ці службовых асобаў, якія маюць адпаведнае права.

Заключэнне экспертнай камісіі можна будзе абскардзіць у судовым парадку.

Як патлумачылі ў Міністэрстве інфармацыі, пастанова Саўміну прынятая ў развіццё закону Беларусі “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” — у мэтах недапушчэння распаўсюду на тэрыторыі Беларусі экстрэмісцкіх матэрыялаў і абароны грамадскіх інтарэсаў ад дэструктыўных праяваў у інфармацыйнай прасторы.

Фота Сяргея Гудзіліна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі