У Беларусі ўжо два ачагі афрыканскай чумы свіней
Першы — у Іўеўскім раёне, другі — у Віцебскім.
Як паведамляе "Интерфакс-Запад", пацверджана захворванне на Віцебшчыне. Пра гэта стала вядома ў Рассельгаснаглядзе, які спасылаецца на беларускіх калег. Пазней пра гэта заявіў і дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання нашай краіны.
Нагадаем, 1 ліпеня дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі заявіў, што прыпынены "экспарт свініны" з Віцебскай вобласці. Прычынай стала "павышанае захворванне" свіней у філіяле "Лучэса" Віцебскага камбіната хлебапрадуктаў. Як бачым, цяпер пацвердзілася афрыканская чума свіней.
На мінулым тыдні міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц паведаміў, што ўспышка захворвання афрыканскай чумы свіней адбылася 21 чэрвеня на тэрыторыі вёскі Чапунь Іўеўскага раёна. На 25 чэрвеня яе ўжо лакалізавалі. Працягвалася акцыя па недапушчэнні распаўсюду захворвання ў Карэліцкім, Навагрудскім, Стаўбцоўскім, Валожынскім, Дзятлаўскім раёнах. Там у людзей забіралі свіней.
Дзяржава кампенсуе насельніцтву страты, звязаныя з адабраннем свіней з мэтай недапушчэння распаўсюджвання на тэрыторыі краіны афрыканскай чумы свіней. За 1 кг жывога вагі сёння выплачваецца 18 тысяч 337 рублёў — гэта кошт 1 кг свініны другой катэгорыі.
Афрыканская чума свіней — віруснае захворванне хатніх і дзікіх свіней. Яно перадаецца пры прамым кантакце здаровых і хворых жывёл, праз прадукты з свініны, кляшчамі і механічна (транспартнымі сродкамі, пры перамяшчэнні жывёл). Вакцыны няма. Амаль усе пагалоўе хворых свіней гіне. Жывёлы з падазроным захворваннем знішчаюцца. Для чалавека афрыканская чума свіней бяспечная.
Фота — news.vitebsk.cc