У Беларусі за дзедаўшчыну асуджаны чарговы сяржант
У Беларусі за дзедаўшчыну асуджаны чарговы сяржант. Ён атрымаў 4 гады і 6 месяцаў зняволення з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці, з пазбаўленнем вайсковага звання "сяржант", інфармуе прэс-служба Мінскага абласнога суда.
Прысуд вынес суд Барысаўскага раёна. Вайскоўца прызналі вінаватым у атрыманні хабару, перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў. Вядома, што ў траўні-ліпені 2017 года сяржант неаднаразова здзекаваўся над іншымі вайскоўцамі, прымушаў іх выконваць розныя фізічныя практыкаванні па-за заняткамі па фізпадрыхтоўцы. У тым жа годзе ён збіваў салдат, прыносіў ім маральныя пакуты, браў хабары "за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзілі ў яго кампетэнцыю".
Як інфармавала Еўрарадыё, у студзені-чэрвені 2018 года ў Беларусі былі асуджаныя за дзедаўшчыну 23 салдаты і сяржанты (у тым ліку і ў Барысаве). Прысуды былі і ў пазнейшы час. Гэта вынік праверак у вайсковых частках пасля трагічнага выпадку ў Печах, дзе загінуў салдат тэрміновай службы Аляксандр Коржыч.