У Беларусі затрымалі ваеннага эксперта Ягора Лебядка
У Беларусі затрымалі ваеннага эксперта Ягора Лебядка. Яго імя і прозвішча з'явіліся ў спісах затрыманых, якія складаюць праваабаронцы. Па некаторай інфармацыі, затрыманне адбылося раніцай 12 ліпеня. Верагодна, у Смалявічах. Іншыя абставіны невядомыя.
Лебядок — навуковец-фізік, кандыдат фізіка-матэматычных навук. Але ў апошнія год-паўтара ён стаў вядомы як ваенны эксперт. Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман называе яго "самым яркім ваенным аналітыкам Беларусі, які заставаўся ў ёй да апошняга". У пачатку 2022-га Ягора Лебядка звольнілі з пасады загадчыка лабараторыі.
Лебядок неаднаразова выступаў з каментарамі і ў эфіры Еўрарадыё. У яго ёсць тэлеграм-канал, прысвечаны вайсковай і інфармацыйнай бяспецы Беларусі. У апошнія месяцы ён актыўна каментаваў сітуацыю ў беларускім войску і тое, што яго "рыхтуюць да вайны". Дзяржаўныя прапагандысты неаднаразова палівалі брудам эксперта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.