У Беларусі затрыманы грамадзянін Таджыкістана, уладальнік крамаў нізкіх цэн
Падчас ператрусу / t.me/kgk_oficial/
Затрыманы грамадзянін Таджыкістана, уладальнік крамаў нізкіх цэн у Гомельскай вобласці (яны дзейнічаюць у Мазыры, Калінкавічах, Рэчыцы, а таксама ў Баранавічах), паведамляе kgk.gov.by. Камітэт дзяржаўнага кантролю сцвярджае, што ён "штучна раздрабніў уласны бізнес і ў 2022-2023 гадах недаплаціў 800 тысяч рублёў падаткаў". Паведамляецца пра выкрыццё "злачыннай схемы па ўхіленні ад выплаты падаткаў службовымі асобамі камерцыйнага прадпрыемства г. Мазыра".
Па версіі кантралёраў, кіраўнік кампаніі арганізаваў рэгістрацыю "падкантрольных яму 3 індывідуальных прадпрымальнікаў і 1 суб'екта гаспадарання, якія выкарыстоўваюць спрошчаную сістэму падаткаабкладання". Атрыманую ад рэалізацыі адзення і абутку выручку ён падзяліў на падкантрольных яму субъектаў і, такім чынам, "занізіў рэальную падатковую базу свайго прадпрыемства для выплаты падаткаў у бюджэт".
Па факце ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненні кіраўніка прыватнага прадпрыемства і яго "памагатых" распачатая крымінальная справа. Затрымана чатыры чалавекі. Праведзена 14 ператрусаў, у тым ліку і ў крамах. Накладзены арышт на маёмасць падазраваных на суму больш за 500 тысяч рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.