У Беларусі змяніўся дэпутат, “адказны” за смяротнае пакаранне
Дэпутат Андрэй Навумовіч, які ўзначальваў камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, стаў начальнікам сакратарыята Палаты прадстаўнікоў. Кіраваць камісіяй да наступных выбараў у беларускі парламент, якія пройдуць увосень 2019 года, будзе Валянціна Ражанец, якая была намесніцай Навумовіча.
З 2016 года Андрэй Навумовіч як кіраўнік камісіі ўзначальваў працоўную групу па пытанні смяротнага пакарання. Беларусь застаецца апошняй дзяржавай у Еўропе, дзе асуджаных караюць смерцю. Праз гэтую акалічнасць нашую краіну не прымаюць у Савет Еўропы і ПАСЕ.
За апошнія 20 гадоў у Беларусі расстраляна больш за 400 чалавек. Еўрасаюз рэгулярна асуджае прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі. Аднак пазіцыя беларускіх уладаў палягае ў тым, што смяротнае пакаранне — гэта выбар, які народ зрабіў на рэферэндуме ў 1996 годзе, таму адмяняць яго палітычным рашэннем “зверху” няправільна.
Прызначэнне Навумовіча на іншую пасаду ў Палаце прадстаўнікоў, акрамя дэпутацкай, з вялікай верагоднасцю азначае, што ён не будзе ўдзельнічаць у наступных парламенцкіх выбарах.