У Брэсце кубік Рубіка збіралі нагамі на хуткасць (фота, відэа)
У Брэсце 6-7 жніўня прайшоў турнір па хуткаснай зборцы кубіка Рубіка "Full Steps in Brest 2016". У спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 50 спартоўцаў з Беларусі, Расіі, Украіны ды Польшчы, паведамляе brestcity.com са спасылкай на арганізатара мерапрыемства Іллю Цярэшку.
Пэўна, самае незвычайнае спаборніцтва на турніры была зборка кубіка Рубіка (3×3) нагамі. Яна адбывалася на падлозе, дзе быў спецыяльны інвентар з таймерам. Паспрабаваць свае сілы ўгэтай дысцыпліне вырашылі пяць удзельнікаў — два з Расіі, па адным з Польшчы, Беларусі ды Украіны. Пераможца вызначаўся па сярэднім часе пасля трох спробаў. Калі сярэдні час апынаецца аднолькавым у двух чалавек, то перавага аддаецца ўдзельніку з лепшай спробай.
Пераможцам стаў Аляксандр Іванчак з Украіны. Яго найлепшы час зборкі — 1 хвіліна 7,84 секунды. На другім месцы апынуўся Іван Забродзін з Расіі, на трэцім — прадстаўнік Польшчы Войцех Шатаноўскі.