У Брэсце паказалі інтэрактыўны дзіцячы спектакль
Спектакль “Каза вызваляе сонца” быў пастаўлены па-беларуску і на вольным паветры, ля Цэнтральнай ёлкі горада на плошчы Леніна. Спектакль зроблены паводле фальклорных матываў. Галоўныя персанажы Цмок, Нячысцікі, Смерць, Бусел, Сонца і калядная Каза, якая цягам гадзіны водзіць за сабой дзятву ў вызваленчым паходзе. Карагоды, скандзіраванне “ад-дай Сон-ца!” , а напрыканцы вяртанне Сонца і, ужо па-за межамі спектакля, прыезд Дзеда Мароза, які за вершы адорвае падарункамі. Рэжысёрка спектакля Аксана Гайко патлумачыла:
– Мы гралі гэты спектакль толькі аднойчы indoor, Гэта першы паказ спектакля на вольным паветры. Фактычна, прэм’ера. Будзем адаптаваць яго да лета, тады можна будзе хадзіць на хадулях, будзе яшчэ жывей.
Удзельнікамі інтэрактыўнага спектаклю сталі каля ста маленькіх брэстаўчанаў.