У цэнтры Гродна адкрылася выстава смецця (фота)
Каля 40 незвычайных вырабаў са старых рэчаў выставіў гродзенскі калекцыянер.
11 сакавіка ў цэнтры Гродна на выставачнай пляцоўцы гандлёвага цэнтра "АВС" мясцовы калекцыянер Алег Ёрш наладзіў выставу смеццевага мастацтва "Незвычайнае ў звычайным". Збіральнік даўніны прадставіў арт-кампазіцыі са старых вёдраў, валізак, рондаляў, колаў, цвікоў, касак, тазоў і кухоннага начыння. Усе гэтыя рэчы былі знойдзеныя на звалках, у падвалах, на паддашках, прывезены з-за мяжы або падараваныя.
Як распавёў Алег Ёрш, свае трэш-арт інсталяцыі ён стварае каля васьмі гадоў. Сярод іх ёсць чамадан з туалетнай паперай, чалавек з чайніка, калючая каска-ліхтар, карціны з цвікоў і калючага дроту, тэлефон-будзільнік-таршэр, крэсла на велізарнай спружыне. Усяго ў калекцыянера сабрана больш за тысячу прадметаў даўніны. Таксама ў яго ёсць калекцыя каля 500 розных прасаў, якую ў мінулым годзе ўжо бачылі гродзенцы.
Працягнецца выстава каля двух тыдняў.
Даведка "Еўрарадыё": Трэш-арт (trash-art) — кірунак сучаснага мастацтва, дзе задзейнічаны старыя, сапсаваныя або выкарыстаныя рэчы, якія людзі звычайна адпраўляюць на сметнік.