У Джона Макейна дыягнаставаны рак мозгу
Джон Макейн. Фота: www.rbc.ua
Дактары дыягнаставалі рак мозгу ў амерыканскага сенатара Джона Макейна. Інфармацыю пацвярджаюць сябры палітыка. Паведамляецца, што гаворка ідзе пра гліабластому — адну з самых частых і агрэсіўных з усіх пухлін мозгу.
Раней Макейну зрабілі аперацыю па выдаленні тромба ў раёне левага вока. Некаторыя амерыканскія СМІ пішуць, што выдаленая і пухліна, аднак у заяве Mayo Clinic ў Фініксе (штат Арызона), дзе палітыку правялі аперацыю, гаворыцца, што "сенатар і яго сям'я вывучаюць варыянты далейшага лячэння".
Пры лячэнні гліабластомы могуць прымяняцца хіміятэрапія, апраменьванне і хірургічнае ўмяшанне. Сярэдні тэрмін жыцця з такой пухлінай, калі не лячыць яе, складае каля трох месяцаў, а калі лячыць — каля 15 месяцаў. Нярэдкія выпадкі, калі пацыенты пражываюць з гліабластомай да двух гадоў.
Cловы падтрымкі Макейну ўжо выказалі Барак Абама, Хілары Клінтан і Дональд Трамп. А сам сенатар-рэспубліканец паабяцаў вярнуцца да працы пасля выдалення пухліны. Пра гэта паведаміў агенцтву Assoсiated Press сябар палітыка, сенатар Ліндсі Грэм.
"Так, мне давядзецца застацца дома трохі даўжэй, прайсці курс лячэння. Я вярнуся", — паведаміў Макейн свайму калегу па тэлефоне.
Джону Макейну 80 гадоў. Ён пайшоў па слядах бацькі і пачаў ваенную кар'еру, стаўшы баявым лётчыкам. У гады в'етнамскай вайны больш за пяць гадоў правёў у палоне, дзе яго збівалі і катавалі.
Пасля звальнення з войска Макейн пачаў палітычную кар'еру, уступіўшы ў Рэспубліканскую партыю ў 1982 годзе. Сенатарам ад штата Арызона ён стаў яшчэ пры Рональдзе Рэйгане, 3 студзеня 1987 года. У 2008 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты ЗША, але прайграў Бараку Абаме.
Джон Макейн вядомы жорсткай пазіцыяй у адносінах да Расіі.