У дзяржпрапаганды новы твар: студэнт журфака, адлічаны з ФМА

Канстанцін Качаноўскі, новы твар дзяржпрапаганды / “Беларусь 1”
Канстанцін Качаноўскі, новы твар дзяржпрапаганды / “Беларусь 1”

На Беларускім тэлебачанні з'явіўся новы прапагандыст. У праграме "Пляцоўка" на тэлеканале "Беларусь 1" пачаў мільгаць малады чалавек, якога прадстаўляюць як Канстанціна Качаноўскага. Адкуль ён узяўся і як у гэткім юным узросце прыйшоў да таго, каб расказваць пра "шумавыя напады пад вокнамі рэанімацыі" (гэта, вядома ж, пра пратэстоўцаў) і пра тое, як "беларусаў зноў парываюцца сутыкнуць ілбамі"?
 

Перайшоў на журфак пасля адлічэння з ФМА

Канстанцін Качаноўскі — гэта сапраўднае імя. Хлопец родам з Кобрына. У 2016 годзе скончыў кобрынскую школу №9 і паступіў на элітны факультэт міжнародных адносін БДУ. Прахадныя балы там — адны з самых высокіх у Беларусі. Але ёсць лайфхакі.

— Качаноўскі прыйшоў да нас як мэтавік. Потым ён узяў адмацаванне ад мэтавага накіравання на кафедры мытнай справы, каб адвучыцца і служыць у мытні, — расказвае Еўрарадыё дацэнт кафедры мытнай справы ФМА БДУ Уладзімір Ляхоўскі.

Але студэнтам ФМА хлопец быў нядоўга — адлічылі.

— Асабліва ён запусціў замежную мову, — успамінае Ляхоўскі. — Усе думалі, што Косця ў войска пойдзе, і бацька яго з гэтай нагоды перажываў. Але ён неяк здолеў выкруціцца і нейкім чынам перакінуўся на факультэт журналістыкі.

Еўрарадыё звязалася з Канстанцінам Качаноўскім. Ён расказаў нам, што не здаў сесію таму, што працаваў — "каб пракарміць сябе і блізкіх". "І гэтага не саромеюся. У кожнага сваё жыццё. Вучыўся на бюджэце, грошы за вучобу кампенсаваў", — дадае ён.
 

"Падарункі" ад "дзяржаўных менеджараў"

 У госпропаганды новое лицо: студент журфака, отчисленный с ФМО
Качаноўскі ў рубрыцы "Меркаванне" на "Минск-новостях"

У 2018 годзе Качаноўскі супрацоўнічае з "Прессболом" і з дзяржагенцтвам "Минск-новости". Улетку 2020-га — а менавіта тады пачаліся пратэсты ў Беларусі — у рубрыцы "Меркаванне" ён расхвальвае "беларускую стабільнасць" і інфраструктуру: будаўніцтва трэцяй лініі метро, бескантактавую аплату праезду ў трамваях і варкаўт-пляцоўкі, — адначасова намякаючы, што ўсё гэта — "падарункі" ад "дзяржаўных менеджараў".

З'яўляецца ў яго тэкстах і антызаходняя прапаганда: "Як там у Амерыцы? Яшчэ не ўсе помнікі знеслі? А ў Еўропе? Часам прыпякае?".
 

"Пляцоўка" для аўтарскай журналістыкі

 У госпропаганды новое лицо: студент журфака, отчисленный с ФМО
Канстанцін Качаноўскі / "Беларусь 1"

У 2021 годзе Канстанцін прыйшоў у праект "Пляцоўка" на "Беларусь 1". Прапаганда з яго вуснаў — танчэйшая, чым ад яго калег. Гэтакі "Азаронак на мінімалках", ён не палівае брудам апанентаў Лукашэнкі — але намякае, што менавіта яны адказныя за "паўраспад цэлай нацыі". А яшчэ — па-майстэрску маніпулюе фактамі.

Напрыклад, у адным са сваіх сюжэтаў ён кажа пра "шумавыя напады пад вокнамі рэанімацыі". Гэта, вядома ж, пра пратэстоўцаў — у кадры ў гэты час мінская бальніца №1 і машыны, якія гудуць у знак пратэсту. Але чаму ж побач не згадваюцца беларускія сілавікі, якія пратэстоўцаў закідалі святлошумавымі гранатамі на вуліцы Арлоўскай, за два крокі ад РНПЦ "Маці і дзіця"?

Узмацненне жорсткасці пакаранняў за ўдзел у пратэстах, унесенае ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях напярэдадні "другой хвалі" гэтых самых пратэстаў, Качаноўскі апраўдвае так: "Прычына гэтаму — не жаданне выцягнуць больш грошай з беларусаў, а спроба рэанімаваць адчуванне правіны сярод нашых грамадзян".

Сюжэты Качаноўскага звязаныя з дыскрэдытацыяй пратэставага руху — і з апраўданнем дзеянняў уладаў. "Мы змаглі не проста ўтрымаць сітуацыю, мы змаглі зберагчы краіну, а цяпер упэўнена можам сказаць, што гэтыя трукі для нас састарэлыя", — разважае ён, праводзячы паралелі паміж пратэстамі ў Беларусі і ў Расіі. Але ж пратэстоўцы і не дамагаліся таго, каб Беларусь знікла з карты свету!

Пра сваю працу на БТ Качаноўскі кажа, што за кожнае слова ў эфіры можа адказаць "перад любым чалавекам". Тэксты піша сам. "Я ў кожнай перадачы прашу ўсіх, хто чуе: не сутыкайце людзей ілбамі. Мы цяпер не можам сабе дазволіць быць істэрычкамі. У краіне ёсць пытанні, і іх трэба вырашаць".

Ён дадае, што 9 жніўня працаваў у раёне стэлы і "ўсё бачыў".
 

"Вы потым зразумееце, каго вы адлічваеце"

На сайце ФМА Канстанціна Качаноўскага дагэтуль можна знайсці ў складзе студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі. Там ён кіраваў рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасцю.

— Спачатку я звярнуў на яго ўвагу. Думаў, што здольны хлопец, тым больш з маёй групы. Але я хутка зразумеў, што яму нельга нічога давяраць, таму што можа заваліць. Літаральна на працягу года ён расчараваў у поўным аб'ёме, — працягвае Уладзімір Ляхоўскі. — Качаноўскі зрабіў уражанне чалавека таленавітага, але нестабільнага ў адносінах з людзьмі.

 У госпропаганды новое лицо: студент журфака, отчисленный с ФМО
Качаноўскі ў час вучобы на ФМА БДУ / fir.bsu.by

Навучанне Канстанціна Качаноўскага на ФМА праходзіла ў той час, калі дэканам быў Віктар Шадурскі. Зусім нядаўна ён пайшоў з гэтай пасады.

— Віктар Генадзевіч прыстойны чалавек і навуковец такі, што дай бог кожнаму. Але Качаноўскі пра яго мог сказаць, што, маўляў, гэта нават не навуковец. Даваў свае ацэнкі адміністрацыі ўніверсітэта — пачынаючы Шадурскім і заканчваючы рэктарам. А перад адлічэннем Качаноўскі хадзіў да рэктара, казаў: "Вы потым зразумееце, каго вы адлічваеце".

Еўрарадыё паразмаўляла з адным з былых аднакурснікаў Канстанціна. Па яго словах, Качаноўскі — поўная супрацьлегласць вобразу, які склаўся ў выкладчыка.

— Характарыстыка чалавека ідзе з асабістага ўяўлення пра чалавека. За тэрмін навучання паказаў сябе з лепшага боку. Адказны. Патрыёт. Языкаты хлопец, адным словам, красамоўны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі