У дзяўчынкі з "Зубронка" з COVID-19 зламаная рука, але лечаць яе ў інфекцыёнцы
"Зубронак" / mlyn.by
У самым вялікім дзіцячым лагеры Беларусі — "Зубронак" — падчас першай летняй змены некалькі чалавек былі інфікаваны COVID-19. Пра ўспышку віруса стала вядома пасля таго, як гімназістка, якая адпачывала ў лагеры, зламала руку і трапіла ў бальніцу, дзе ёй зрабілі тэст на каранавірус. Ён аказаўся станоўчы.
У "Зубронку" Еўрарадыё расказалі, што дзіця, хутчэй за ўсё, заразілася не ў лагеры, а прывезла каранавірус з дома. "Мы не можам сцвярджаць, але ўсе дзеці маюць пры сабе падчас заездаў даведкі пра тое, што яны не кантактавалі з людзьмі з інфекцыяй і не з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню. Падчас заезду мераецца тэмпература. У гэтай дзяўчынкі ўсё было добра. Аднак гэтае дзіця стала "ціхім" бессімптомным носьбітам інфекцыі", — расказалі Еўрарадыё ў лагеры.
Каранавірус ускладняе і лячэнне пералому. Усё ж інфекцыйная бальніца — не профільная для таго, каб спраўляцца з траўмамі.
У "Зубронку" запэўніваюць, што з 840 дзяцей, якія адпачываюць, вірус закрануў толькі невялікую групу. Але дакладную колькасць пацверджаных выпадкаў не ўдакладняюць. 16 і 17 чэрвеня дзеці заязджаюць у лагер на другую летнюю змену. Акрамя ўжо прынятых мер прафілактыкі распаўсюджвання віруса, там вырашылі паменшыць колькасць дзяцей у малодшых атрадах да 20 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.