У Егіпце знікла беларуска. Маці і сябры падазраюць эзатэрыкаў

У Егіпце знікла беларуска. Маці і сябры падазраюць эзатэрыкаў

У Егіпце знікла 30-гадовая грамадзянка Беларусі Ульяна Ягадніцына. 9 лістапада дзяўчына пайшла ў краму і перастала выходзіць на сувязь. Былы муж Ульяны, егіпцянін Айман, заявіў у паліцыю пра знікненне.

Ульяна разышлася з мужам у мінулым годзе, але захавала з Айманам добрыя стасункі. Іх 5-гадовы сын, хаця і застаўся з маці, часта бавіў час з татам і бабуляй. Што праўда, адносіны не былі бясхмарнымі: улетку Айман не даў Ульяне дазвол на выезд у Беларусь — непакоіўся, што дзяўчына можа застацца з сынам на радзіме.

“Апошняе паведамленне ад Ульяны было 9 лістапада, — распавядае Еўрарадыё маці дзяўчыны Алена Ягадніцына. — Дагэтуль мы рэгулярна стэлефаноўваліся, яна вельмі клапацілася, каб я не хвалявалася. Ранкам 9 лістапада дачка напісала пра планы на дзень, а ў абед паведамленняў ужо не было. Цяпер яе шукае паліцыя Егіпта, пра сітуацыю ведае амбасада [Беларусі ў Егіпце. — Еўрарадыё]. Але ў паліцыі нічога не кажуць”.

Звузіла кола стасункаў, кватэру аплаціла да лістапада

З Беларусі Ульяна з’ехала сем гадоў таму, скончыўшы лінгвістычны ўніверсітэт. У Егіпце яна працавала перакладчыцай, арганізоўвала канцэрты, працавала на радыё і ў рэкламным агенцтве, займалася дызайнам. На старонках Ульяны ў сацсетках шмат пазітыўных фота з сынам і сябрамі.

У Егіпце знікла беларуска. Маці і сябры падазраюць эзатэрыкаў
Фота з асабістага архіва Ульяны

Пра сябе дзяўчына піша, што займаецца самаразвіццём, цікавіцца псіхалогіяй і літаратурай. Ульяна валодае арабскай і англійскай мовамі.

“Ульяна разумная і камунікатыўная дзяўчына, яна цікавілася эзатэрыкай, — працягвае Алена. — Магчыма, на яе быў аказаны ціск. Я вельмі шмат думала ўвесь гэты час: магчыма, яна кудысьці з’ехала. Яна працавала на радыё, якое вяшчала на Ізраіль, была агентам розных мадэлей. Карацей, вяла актыўны лад жыцця. А ў апошні час — дзіўная рэч — дачка чамусьці вельмі звузіла кола стасункаў з людзьмі”.

За дачку жанчына пачала непакоіцца ў сярэдзіне кастрычніка. У размовах Ульяна падавалася сумнай, казала пра дэпрэсію, а ў апошні час захапілася творчасцю амерыканскага доктара і пісьменніка індыйскага паходжання Дзіпака Чопра.

Дзіпак Чопра — аўтар шматлікіх кніг на духоўныя, рэлігійныя тэмы, прапагандыст “альтэрнатыўнай медыцыны”, якога навукоўцы лічаць шарлатанам. У 1998 годзе яму прысудзілі Шнобелеўскую прэмію за унікальную інтэрпрэтацыю квантавай фізікі ў дачыненні да здароўя, свабоды і імкнення да эканамічнага дабрабыту. Крытыкі Дзіпака Чопры кажуць, што яго падыход адварочвае людзей ад эфектыўнага лячэння, і што ён толькі што дарыць пацыентам ілжывую надзею.

“Я таксама пачала чытаць гэтага аўтара, — працягвае маці Ульяны. — Шчыра кажучы, мне стала не па сабе ад такой літаратуры. Магчыма, яго творы аказалі ўплыў на дачку. Пасля знікнення я аналізавала паводзіны дачкі. Нават асобную табліцу яе дзеянняў у кастрычніку і лістападзе зрабіла. Напрыклад, мне яна казала, што забрала сына ад свякрухі, хаця на самой справе дзіця было ў бабулі. Ульяна пачала хлусіць”.   

У Егіпце знікла беларуска. Маці і сябры падазраюць эзатэрыкаў
Табліца маці Ульяны

Паліцыя выключыла версіі самагубства ці няшчаснага выпадку — цела дзяўчыны не знойдзенае. Апошні раз Ульяну бачылі каля супермаркета ў Каіры, дзе яна трапіла на камеру відэаназірання. Камп’ютар і адзін з тэлефонаў беларускі забрала паліцыя. Гаспадар кватэры, якую яна здымала, кажа, што яна аплаціла арэнду толькі за кастрычнік.

“Былога мужа правярае паліцыя”

Цяпер пяцігадовы сын Ульяны жыве ў сям’і бацькі. Маці Ульяны не верыць у датычнасць Аймана да знікнення дачкі:

“Я да яго вельмі добра стаўлюся, нягледзечы на развод. Праз перакладчык мы размаўляем. Яго сям’я і да мяне паважліва ставіцца. Мужа я не падазраю, я яго ведаю. Паліцыя правярае цяпер Аймана, але ў яго няма матыву нешта зрабіць з Ульянай”.  

Пасля разводу паміж Ульянай і Айманам адбыўся канфлікт: беларуска збіралася прыехаць да маці ў Жодзіна разам з сынам, але былы муж не дазволіў ім разам выехаць за межы Егіпта, таму некаторыя сябры дзяўчыны падазраюць, што былы муж мае дачыненне да яе знікнення. Іншыя падзяляюць меркаванні маці Ульяны:

“Мы пазнаёміліся [з Ульянай] у 2013 годзе, — распавядае Еўрарадыё Наталля, беларуска, якая жыве ў Каіры. — Сустракаліся, перапісваліся. Потым нашы дзеці пасябравалі, у мяне дачцэ пяць гадоў, у яе — сыну. Ульяна вельмі актыўны чалавек. Апошнія гады яна працавала ў медыйнай сферы. У яе былі розныя знаёмствы, сустрэчы. Актыўнае жыццё не падабалася яе егіпецкаму мужу. Версіі знікнення могуць быць розныя: падазроныя знаёмыя, якія цікавіліся жанчынай славянскай знешнасці, побач Сірыя, дзе гандлююць людзьмі, органамі”.      

У Егіпце знікла беларуска. Маці і сябры падазраюць эзатэрыкаў

У адной з апошніх размоў з сяброўкай Ульяна прызнавалася, што адносіны з былым мужам змяняюцца да лепшага. Увосень яны разам павялі сына ў першы клас, потым размаўлялі ў кафэ.

“Ініцыятарам разводу была Ульяна, — працягвае Наталля. — У яе былі планы на кар’еру, шмат працы. Хацела быць больш чым проста хатняй гаспадыняй, а муж патрабаваў, каб сачыла за домам, за парадкам. Пачаліся рознагалоссі. Аймана я асабіста ведаю, ён не мог з Ульянай, нешта зрабіць. Цалкам адэкватны, нармальны чалавек. Дарэмна яго падазраюць”.  

Наталля таксама звярнула ўвагу, што ў апошнія месяцы паводзіны Ульяны змяніліся. Яна замкнулася, не хацела нават тэлефанаваць знаёмым. Але кажа, што на самагубства Ульяна ніколі б не адважылася.

“Даводзіцца хлусіць сыну, што маці на працы”

Вядома, што межы Егіпта Ульяна не пакідала.

“Паліцыя гэта праверыла, — распавядае Наталля. — Не ведаю, што адбылося. У краіне цяпер няпростая сітуацыя з эканомікай. У арабскім свеце шмат падману. Рознае магло быць, а славянка-замежніца — гэта заўсёды салодкі кавалачак. Улічваючы, што ў яе быў няпросты жыццёвы перыяд, гэтым нехта мог скарыстацца”.

У размове з Еўрарадыё Айман распавёў, што кожны дзень ходзіць у паліцыю. Асабістых версій, што адбылося з Ульянай, у мужчыны няма, але змены ў паводзінах дзяўчыны ў апошні час ён таксама заўважыў.

“Я не медык, каб казаць, была дэпрэсія ці не, — коратка адказаў грамадзянін Егіпта. — Сын цяпер жыве са мной. Яму прыходзіцца хлусіць, што маці на працы”.

“Ёсць адчуванне, што яна спланавала сваё знікненне”

Тэлефон Ульяны Ягадніцынай адключаны. У здымнай кватэры паліцыя некалькі разоў праводзіла вобшук, але што шукалі і ці знайшлі што-небудзь, родным не паведамляюць. Акрамя супрацоўнікаў, пошукамі дзяўчыны таксама займаюцца мясцовыя валанцёры.

“Пра знікненне я даведалася ад беларускага консульства 11 лістапада, — кажа Еўрарадыё валанцёрка Ірада. — Я жыву ў Егіпце ўжо 13 гадоў. Калі нешта здараецца, дык мяне падключаюць да праблемы. З Ульянай я асабіста не знаёмая. Канкрэтных версій, што адбылося, на жаль, няма, але ёсць адчуванне, што яна спланавала сваё знікненне”.

У Егіпце знікла беларуска. Маці і сябры падазраюць эзатэрыкаў

Валанцёрка тлумачыць, што за паўтара месяца да знікнення Ульяна кінула працу, спыніла грамадскае жыццё. Перад знікненнем яна пакінула сына ў сям’і былога мужа.

“За два тыдні да знікнення яна аддала дзіця свякрові, — працягвае Ірада. — Ульяна толькі тэлефанавала сыну, хаця жыве ў дзесяці мінутах пешшу ад іх дома. І гэта дзіўна, бо Ульяна добрая маці, і шмат увагі сыну аддавала. Я перагаварыла з добрай сотняй яе знаёмых, але няма ніводнай зачэпкі. Усе кажуць: "Мы даўно з ёй не мелі зносін"”.

Ці магла Ульяна трапіць у рэлігійную секту? Такіх звестак у валанцёраў няма. Яны тлумачаць, што ў Егіпце гэтая дзейнасць старанна кантралюецца і спыняецца службамі дзяржбяспекі. Знаёмыя і былыя калегі Ульяны кажуць пра дзяўчыну толькі добрыя словы.

“Кажуць, што была актыўным і вясёлым чалавекам, —  распавядае валанцёрка. — Я была дома, дзе цяпер жыве сын. Мы толькі пазнаёміліся, нічога даведацца не атрымалася. Бачна, што былы муж вельмі перажывае. У сям’і таксама няма версій, што магло здарыцца”.

Амбасада Беларусі ў Егіпце ведае пра знікненне Ульяны Ягадніцынай, консул трымае сітуацыю на кантролі і па меры магчымасцяў садзейнічае паліцыі Каіра ў пошуках.   

 

Больш цікавых і важных навінаў без рэкламы ў падкасце праграмы ПЕТАРДА ніжэй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі