У фірму Дашкевіча прыехаў АБЭЗ: за крыжы падазраюць у парушэнні правілаў гандлю

У фірму Дашкевіча прыехаў АБЭЗ: за крыжы падазраюць у парушэнні правілаў гандлю

На фірму Змітра Дашкевіча "Цесляры" прыйшлі супрацоўнікі АБЭЗ (аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю). Пра гэта Дашкевіч паведаміў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.

Як удакладняе Радыё "Свабода", АБЭЗ прыехаў у цэх кампаніі "Цесляры", дзе вырабляліся крыжы. Прадстаўнік сілавой структуры паведаміў, што "вядзецца адміністрацыйны працэс", але адмовіўся паведаміць падрабязнасці. 

Галоўны інжынер кампаніі-ўладальніка памяшканняў, якія здымаюць "Цесляры", заявіў супрацоўніку АБЭЗ, што той незаконна знаходзіцца на тэрыторыі прадпрыемства.

Нагадаем, што сёння зранку а 10-й гадзіне Зміцер Дашкевіч з паплечнікамі планаваў усталяваць шасціметровыя крыжы ў Курапатах. Таксама ў Курапаты запрашалі дэлегатаў, якія прыбылі на адкрыццё мемарыялу ахвяраў нацыстаў у Трасцянцы, у тым ліку прэзідэнтаў Аўстрыі і Германіі. Удзень мемарыял (але не акцыю пратэсту пад рэстарацыяй) наведала польская дэлегацыя.​

Аўтамабіль, у якім Дашкевіч вёз крыжы, затрымалі міліцыянты. Дашкевіч, Лаўрухін і Мінец былі дастаўленыя ў РАУС. У іх забралі крыжы і запатрабавалі дакументы на іх. 

Дашкевіч распавёў, што яго падазраюць у "парушэнні правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву" (арт. 12.17 КаАП). Праверка можа цягнуцца да 10 дзён з магчымым падаўжэннем да 30 дзён.

"Супрацоўнік АБЭЗ, які браў у мяне паказанні, казаў, што індывідуальны прадпрымальнік, калі нешта вязе, павінен на ўсё мець дакументы. Запытваю, ці чалавек, які зарэгістраваны прадпрымальнікам, перастае быць фізічнай асобай і на ўсё мусіць мець дазвол? Кажуць, так", — распавёў падрабязнасці Дашкевіч.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі