У Гомелі асудзілі двух сутэнёраў з Расіі
Мужчыны пазнаёміліся з мясцовымі дзяўчатамі праз інтэрнэт і прапанавалі ім заняцца прастытуцыяй.
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес вырак двум сутэнёрам з расійскага Калінінграда. Аднаму з іх прысудзілі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, другому — пяць гадоў і тры месяцы. Да іх была ўжытая амністыя, якая скараціла тэрмін пакарання на адзін год.
Як піша "Гомельская праўда", 32-гадовы і 36-гадовы мужчыны знаёміліся з дзяўчатамі праз інтэрнэт і прапаноўвалі заняцца прастытуцыяй. Калі ж дзяўчаты пагаджаліся уцягнуць у гэта сяброўку, ім абяцалі прэмію.
Знайшоўшы прыдатныя кандыдатуры, мужчыны прыехалі ў Беларусь і паспрабавалі вывезці ўсіх дзяўчат у Калінінград. Ім прапанавалі ў Расіі жытло, медагляд і заробак.
Расіян абвінавацілі ў замаху на арганізацыю і выкарыстанне занятку прастытуцыяй iншай асобай, спалучанае з вывазам асобы за межы дзяржавы.
Паказанні ў судзе давалі тры сведкі. Дзяўчаты давалі сведчанні ў доўгім адзенні, з вуаллю на галаве. Імёны сведак ведаў толькі суддзя, які вёў працэс.
Фота — operkor.wordpress.com