У Гомелі будуць судзіць мужчыну, які глядзеў "дэструктыўныя відэаканферэнцыі"
Затрыманага афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасці занятку экстрэмізмам / pixabay.com, ілюстрацыйнае фота
Гомельская міліцыя дала справаздачу аб затрыманні мясцовага жыхара, які ўдзельнічаў у "дэструктыўных відэаканферэнцыях". Інфармацыя пра яго з'явілася на сайце Гомельскага УУС.
Мужчыну знайшлі супрацоўнікі мясцовага ГУБАЗіК. Паведамляецца, што 32-гадовы жыхар абласнога цэнтра "ўдзельнічаў у апазіцыйных закрытых відэаканферэнцыях з удзелам збеглых, дзе абмяркоўваў арганізацыю і каардынацыю пратэсных акцыяў" у Гомелі.
Мужчына на відэа пацвердзіў, што глядзеў зум-канферэнцыі Валерыя Цапкалы, "таму што сам айцішнік", і Вольгі Карач. На пытанне аб палітычных поглядах гамяльчук сказаў, што прытрымліваецца "нейтральнага" пункту гледжання, ні ў якай дзейнасці не ўдзельнічае і ніякую інфармацыю нідзе не чытае.
На затрыманага былі складзеныя два пратаколы па арт. 19.1 (дробнае хуліганства) і 24.3 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы). Да суда яго адправілі ў ІЧУ.
Акрамя таго, затрыманаму гамельчуку вынеслі афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці занятку экстрэмізмам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.