У гонар ночы ўсемагутнасці з туркменскіх турмаў выйшлі больш за 600 вязняў
Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў памілаваў больш за 600 чалавек у гонар ночы ўсемагутнасці. Яна прыпадае на апошнія дні святога месяца Рамадан. Указ быў падпісаны на пасяджэнні ўрада 1 ліпеня.
Агулам памілаваных 612 чалавек. Сярод іх 586 грамадзян краіны і 26 іншаземцаў, паведамляе lenta.ru. Зняволеныя вызваляюцца ад далейшага адбыцця асноўнага і дадатковага пакарання.
Бердымухамедаў даў загад, каб асуджаных выпусцілі неадкладна і яны сустрэлі ноч усемагутнасці сярод сваіх сем'яў. Ён таксама даручыў мясцовай адміністрацыі паклапаціцца аб іх працаўладкаванні.
Ноч ўсемагутнасці адзначаецца ў 27-ю ноч святога месяца Рамадан. Сёлета яна прыпала на 2 ліпеня. Паводле канонаў ісламу, у гэтую ноч Алах праз арханёла Джабраіла (біблейскі Гаўрыіл), перадаў прароку Мухамеду святую кнігу мусульман — Каран.