У Гродне зацвердзілі план мерапрыемстваў па прафілактыцы COVID-19
У Гродне зацвердзілі план мерапрыемстваў па прафілактыцы і зніжэнні распаўсюду вострых рэспіратарных інфекцый, у тым ліку і тых, што выклікаў COVID-19. Адпаведнае рашэнне 31 сакавіка прыняў гарвыканкам.
Гарадскія ўлады адмянілі правядзенне выставаў, прэзентацый і кірмашоў у закрытых памяшканнях, а вось правядзенне спартыўных, культурных, відовішчных і іншых мерапрыемстваў толькі абмяжоўваецца (як і выезды ў камандзіроўкі). На кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў усклалі персанальную адказнасць за тое, каб на працу не трапілі работнікі з прыкметамі рэспіратарных інфекцый. Работнікі, якія вярнуліся з-за мяжы, два тыдні на працу не мусяць патрапіць. Таксама рэкамендавана "максімальна абмежаваць колькасць работнікаў у змену". Ва ўсіх арганізацыях як мінімум адзін раз на дзень павінна праводзіцца вільготная прыборка з выкарыстаннем дэзынфікуючых сродкаў.
У адпаведнасці з рашэннем Гродзенскага гарвыканкама, бацькі самі могуць вырашаць, ці будуць іх дзеці наведваць дзіцячыя садкі і школы. Пры гэтым у выпадку з садкамі аплачваць гэты перыяд не давядзецца, а месца захаваецца. ВНУ, установам сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі рэкамендуюць зрабіць карэкціроўку лекцыйных заняткаў, выкарыстаць іх іншыя формы.
Камунальнікам рэкамендавалі часцей прыбіраць пад'езды ў жылых дамах. Наяўнасць медыцынскіх масак і аднаразовых пальчатак абавязковая для работнікаў гандлю. Кіроўцаў грамадскага транспарту забяспечаць сродкамі абароны. У салонах аўтобусаў і тралейбусаў забараняецца продаж талонаў.
Таксама ў Гродне прыпыняецца дзейнасць дыскатэк. Што да бібліятэк ці спартыўных і фітнэс-залаў, то іх дзейнасць толькі абмяжоўваецца. Уводзіцца забарона на курэнне кальяна ў аб'ектах грамадскага харчавання. Рэлігійным арганізацыям улады рэкамендуюць скараціць масавыя набажэнствы.
Паведамляецца, што згаданы планы будзе дзейнічаць да змены эпідэміялагічнай сітуацыі. Раней падобны план прынялі гарадскія ўлады ў Віцебску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.