У ICAO паведамілі, пры якой умове разгледзяць даклад па Ryanair 12 лістапада
Пасядженне Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі / unitingaviation.com
Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) можа вывучыць выніковы даклад па інцыдэнце з самалётам Ryanair у небе над Беларуссю 12 лістапада пры ўмове, што атрымае ўсю неабходную інфармацыю, збор якой яшчэ працягваецца. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на прадстаўніка РФ у арганізацыі Сяргея Гудкова.
Такое рашэнне было агучана ў панядзелак на паседжанні ICAO, дзе быў прадстаўлены прамежкавы даклад па гэтым інцыдэнце. Ніякага аналізу і высноў на падставе наяўных дадзеных зроблена не было, адзначыў прадстаўнік РФ.
На паседжанні прысутнічаў прадстаўнік Беларусі — дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Мінтранса рэспублікі Арцём Сікорскі. Ён выступіў па відэасувязі, удакладніў Гудкоў.
Як паведамляла Еўрарадыё, у мерапрыемстве, якое прайшло ў штаб-кватэры ICAO у Манрэалі, таксама бралі ўдзел прадстаўнікі Літвы, Польшчы і Ірландыі. Першапачаткова папярэднюю справаздачу павінны былі агучыць 13 верасня, але тады паседжанне не адбылося.
Пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair саміт Еўрасаюза пастанавіў забараніць беларускім авіякампаніям ажыццяўляць рэйсы ў аэрапорты ЕС і здзяйсняць палёты над тэрыторыяй Еўрасаюза, а таксама рэкамендаваў еўрапейскім перавозчыкам адмовіцца ад палётаў у паветранай прасторы Беларусі. Больш за 20 краін закрылі сваю паветраную прастору для беларускага авіяперавозчыка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.