У Індыі згвалтавалі ўдзельніц акцыі супраць гандлю людзьмі
У Індыі згвалтавалі пецярых удзельніц акцыі супраць гандлю людзьмі. Як перадае ВВС, здарэнне адбылося ў штаце Джаркханд, дзе жанчыны ладзілі вулічную акцыю ў форме спектаклю. Узброеныя мужчыны пад’ехалі на машынах, схапілі некалькіх дзяўчат і вывезлі іх у джунглі.
Цяпер пацярпелыя знаходзяцца пад аховай паліцыі і чакаюць вынікаў медэкспертызы. Праваахоўнікі мяркуюць, што злачынства здзейснілі прыхільнікі мясцовай групоўкі, агрэсіўнай да “чужынцаў”. Арыштаваных па гэтай справе пакуль няма.
У раёне Кхунці, дзе адбылося здарэнне, квітнее гандаль людзьмі. Тут часта выкрадаюць дзяўчынак, якіх затым прадаюць у якасці хатніх работніц заможным жыхарам буйных гарадоў. Паводле ацэнак паліцыі, за дзесяць гадоў тут выкралі каля чатырох тысячаў дзяцей. У траўні ў штаце Джаркханд было тры выпадкі згвалтавання дзяўчынак-падлеткаў, якіх пасля злачынства спрабавалі спаліць жыўцом.
Нягледзячы на тое, што ў Індыі ўзмацняецца заканадаўства супраць сэксуальнага гвалту, узровень дэскрымінацыі жанчын у краіне застаецца высокім.