У Італіі абвешчаная нацыянальная жалоба па ахвярах землятрусу
У Італіі ў суботу абвешчаная нацыянальная жалоба па загінулых у выніку землятрусу, які адбыўся ў цэнтральнай частцы краіны. Паводле апошніх звестак, колькасць ахвяраў стыхійнага бедства дасягнула 284 чалавек. Болей за ўсё загінула ў горадзе Аматрычэ — 224 чалавекі. 49 ахвяраў у Аркуатэ, яшчэ 11 — у Акумолі.
Землятрус магнітудай 6,2 бала адбыўся ў цэнтральнай частцы Італіі пад раніцу 24 жніўня. Нягледзячы на адносна сярэднія паказнікі магутнасці, ён прывёў да значных разбурэнняў, бо эпіцэнтр землятрусу быў на невялікай глыбіні. Затым адбылося некалькі афтэршокаў.
Паўторныя падземныя штуршкі працягваюцца ў пацярпелых раёнах. Гэта ўскладняе працу выратавальнікаў, якія абследуюць завалы. Італьянскія ўлады падкрэсліваюць, што будуць працягваць пошукі да таго моманту, пакуль не высветліцца лёс усіх людзей, якія лічацца зніклымі без вестак, паведамляюць замежныя СМІ.