У кампутарных гульнях могуць забараніць катаванні
З такой ініцыятывай выступае Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа.
Арганізацыя звярнулася да стваральнікаў кампутарных гульняў, прысвечаных ваенным канфліктам, з просьбай унесці ў іх правілы палажэнні Жэнеўскіх канвенцый аб нормах вядзення баявых дзеянняў.
Па словах прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа, правілы многіх “шутэраў” ухваляюць празмернае прымяненне насілля ажно да здзяйснення ваенных злачынстваў — забойства мірных жыхароў і катаванняў.
Прадстаўнік адной з вядомых кампаній, якія распрацоўваюць кампутарныя гульні, — Bohemia Interactive Studio — распавёў у інтэрв’ю ВВС, што студыя ўжо пагадзілася з прапановамі Чырвонага Крыжа.