У Казахстане па справе аб дзяржздрадзе затрыманы экс-кіраўнік КНБ

Карым Масімаў / 365info
Карым Масімаў / 365info

Экс-кіраўнік Камітэта нацыянальнай бяспекі (КДБ у Беларусі — рэд.) Карым Масімаў затрыманы па справе аб дзяржздрадзе (арт.175 ч. 1 КК РК) у Казахстане. Пра гэта паведамляецца на сайце камітэта. Удакладняецца, што "дасудовае расследаванне" ў дачыненні да Масімава пачата 6 студзеня. У гэты дзень затрыманыя і "іншыя асобы", якія маюць дачыненне да справы.

Карым Масімаў быў звольнены ў ноч з 5 на 6 студзеня. Казахскі партал Vласть піша, што Масімаў — адзін з цэнтральных палітыкаў у гісторыі сучаснага Казахстана. Падчас кіравання Нурсултана Назарбаева ён двойчы быў прэм'ер-міністрам, узначальваў адміністрацыю прэзідэнта, быў намеснікам прэм'ер-міністра, дарадцам прэзідэнта і міністрам транспарту і камунікацый. Да пачатку 2000-х гадоў працаваў у банкаўскім сектары, узначальваў Народны ашчадны банк.

На гэты момант у Казахстане праходзіць "антытэрарыстычная аперацыя". Затрыманыя 4266 чалавек. Створаны контртэрарыстычны штаб, які распаўсюджвае афіцыйную інфармацыю аб "нармалізацыі" сітуацыі ў краіне.

7 студзеня "знайшоўся" елбасы Нурсултан Назарбаеў, які маўчаў 7 пратэстных дзён. Ён заклікаў "аб'яднацца вакол Такаева". Па заяве прэс-службы, былы прэзідэнт знаходзіцца ў сталічным шпіталі. Праўда, самога Назарбаева людзям так і не паказалі.

10 студзеня ў Казахстане аб'яўлены Днём нацыянальнай жалобы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі