У ХАМАС паведамілі пра 13 забітых закладнікаў
Ахвяры тэрарыстаў з ХАМАС
У ХАМАС паведамілі пра 13 загінулых закладнікаў. Сярод іх ёсць замежныя грамадзяне. У тэрарыстычнай арганізацыі заявілі, што закладнікі загінулі падчас ізраільскіх ракетных удараў па сектары Газа. Раней ХАМАС пагражаў забіць іх у выпадку, калі Армія абароны Ізраіля нанясе ўдар па сектары Газа.
Меркавалася, што ХАМАС утрымлівае каля 150 закладнікаў, захопленых падчас нападу 7 кастрычніка. Па апошніх звестак, іх можа быць не менш за 106 чалавек. Ізраіль патрабаваў іх вызваліць, толькі ў гэтым выпадку аднавіліся б пастаўкі вады і электрычнасці ў сектар Газа.
Напярэдадні начальнік Генеральнага штаба Арміі абароны Ізраіля Герцы Халеві прызнаў, што 7 кастрычніка пры нападзе ХАМАС на тэрыторыі каля сектара Газа, вайскоўцы не справіліся са сваімі абавязкамі. Ён паабяцаў зрабіць усё, каб "вярнуць палонных дадому".
На чацвер у Ізраілі прызнавалі гібель 1300 чалавек у выніку нападу тэрарыстаў з ХАМАС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.