У Кіеве філіялы расійскіх банкаў закідалі камянямі і аблілі зялёнкай
У Кіеве невядомыя закідалі камянямі вокны ўкраінскіх філіялаў двух расійскіх банкаў, а таксама офіс кампаніі СКІ, які належыць бізнесмену Рынату Ахметаву.
Як перадае ВВС са спасылкай на ўкраінскія інфармагенцтвы, напады былі здзейсненыя на філіялы Сбербанка і Альфа-банка. У іх офісах разбітыя вокны і часткова пашкоджаная мэбля і тэхніка. Паліцыя распачала справу аб хуліганстве.
Будынак Сбербанка таксама аблілі зялёнкай. Вінаватымі ў гэтым інцыдэнце могуць быць прадстаўнікі Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў.
Раней сябры гэтай арганізацыі правялі акцыю пратэсту побач з адміністрацыяй прэзідэнта. Іх лідар Мікола Каханіўскі заклікаў сваіх паплечнікаў выказаць недавер да дзеючай улады.
У многіх гарадах Украіны 20 лютага праходзяць акцыі памяці людзей, загінулых на Майдане ў лютым 2014 года.