У КНДР абвяргаюць пастаўкі зброі ў Расію
У ЗША кажуць, што Пхеньян прадае зброю ПВК "Вагнер" / @wargonzo
Міністэрства замежных спраў Паўночнай Карэі абвяргае паведамленьні СМІ аб пастаўках боепрыпасаў у Расію. Такія заявы ў Пхеньяне назвалі "беспадстаўнымі". Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на дзяржаўнае паўночнакарэйскае інфармацыйнае агенцтва KCNA
Раней пра пастаўкі зброі КНДР у Расію пісала японская газета Tokyo Shimbun. Паводле яе звестак, у мінулым месяцы Паўночная Карэя адправіла праз мяжу боепрыпасы, у тым ліку артылерыйскія снарады. Дадатковыя пастаўкі чакаюцца ў бліжэйшыя тыдні.
"Ілжывыя паведамленні японскіх СМІ пра тое, што КНДР прапаноўвала боепрыпасы Расіі, з'яўляюцца самай недарэчнай памылкай, якая не заслугоўвае якіх-небудзь каментароў або інтэрпрэтацый", — гаворыцца ў заяве прадстаўніка МЗС КНДР. Ён таксама падкрэсліў, што "транзакцый са зброяй" паміж КНДР і Расіяй "ніколі не было". Пры гэтым ён абвінаваціў ЗША ў тым, што яны "прыносяць Украіне кровапраліцце і разбурэнні, перадаючы розныя віды смяротнай зброі".
Раней афіцыйны прадстаўнік Пентагона Джон Кірбі заявіў, што ПВК "Вагнер" шукае па ўсім свеце пастаўшчыкоў зброі для падтрымкі вайны супраць Украіны. Кірбі сказаў, што Мінабароны ЗША можа "пацвердзіць, што Паўночная Карэя завяршыла першыя пастаўкі зброі ПВК "Вагнер", якая аплаціла гэта абсталяванне. Ён таксама заявіў, што ўладальнік ПВК расійскі бізнесовец Яўген Прыгожын выдаткоўвае больш за 100 млн долараў у месяц на фінансаванне аперацый "вагнераўцаў" ва Украіне.
Адзначым, што менавіта "вагнераўцы" цяпер адыгрываюць важную ролю ў бітве за Бахмут і нясуць там значныя страты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.