У "Космас ТБ" абверглі смс-рассылку аб неабходнасці прышчэпак з-за мігрантаў
Мігранты ля гандлёвага цэнтру Galleria Minsk / Еўрарадыё
Кампанія "Космас ТБ" не рассылала сваім абанентам смс-паведамленні аб неабходнасці вакцынавацца ад каранавіруса ў сувязі са знаходжаннем у Беларусі грамадзян з краін Блізкага Усходу, паведамляе служба падтрымкі кампаніі.
У кампаніі заявілі аб тым, што ў нядзелю адбыўся тэхнічны збой працы сэрвісу смс-рассылак. У выніку збою "некаторым абанентам паступіла смс з некарэктным зместам".
"Акалічнасці прычын адпраўкі смс высвятляюцца спецыялістамі кампаніі. Будзьце здаровыя і не забывайцеся аб мерах прафілактыкі COVID-19. Мы шкадуем аб дастаўленай турбоце і прыносім свае прабачэнні", — гаворыцца ў паведамленні службы падтрымкі "Космас ТБ".
У кампаніі таксама заявілі, што смс-паведамленні "ілжывага правакацыйнага характару" сталі следствам знешняга тэхнічнага ўкаранення на адзін з сервераў "Космас ТБ". Крыніцы гэтай тэхнічнай правакацыі высвятляюцца.
Раней абаненты "Космас ТБ" атрымалі смс-паведамленні аб неабходнасці прышчэпак з-за мігрантаў.
"Улічваючы значны рост інфекцый COVID-19, выкліканы часовым знаходжаннем грамадзян з краін Блізкага Усходу на тэрыторыі РБ, minzdrav.gov.by рэкамендуе прымаць вакцыну ад COVID-19", — гаварылася ў смс-паведамленні.
Пры гэтым смс атрымлівалі і былыя абаненты "Космас ТБ".
Як паведамляла Еўрарадыё, мігрантаў з краінаў Блізкага Усходу і Афрыкі ў Беларусі становіцца ўсё больш. Яны заўважныя на вуліцах Мінска. "Турысты" адпачываюць у сталіцы перад спробамі нелегальна перабрацца ў краіны ЕС. Сюжэты аб гэтым паказваюць тэлеканалы ўсіх краін Еўропы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.