У краме "Аранжавы вярблюд" з-за зніжак пабіліся наведнікі
Таму кампанія датэрмінова адмяніла акцыю з 18 лістапада.
Сетка крамаў дзіцячых тавараў "Аранжавы вярблюд" паведамляе пра датэрміновае завяршэнне акцыі "Шчаслівая гадзіна". Нагодай стала непрадбачаная рэакцыя пакупнікоў. З-за зніжак, абвешчаных кампаніяй, яны проста пабіліся ў краме. Дасталася і работнікам крамы. Як гаворыцца ў прэс-рэлізе кампаніі, былі выпадкі рукапрыкладства, абразаў і псавання маёмасці крам. Некалькі рэчаў былі парваныя кліентамі, якія іх не падзялілі.
Кампанія адзначае, што працуе з дзецьмі, для якіх паводзіны дарослых мусяць быць прыкладам. "Таму мы не павінны і не будзем падтрымліваць сітуацыі, якія могуць правакаваць ганебныя паводзіны дарослых", — канстатуецца ў прэс-рэлізе.
Фота — orangecamel.by