У лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва каранавірус, адвакатку да яго не пускаюць

Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё
Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё

Адвакатка Інэса Аленская не змагла сустрэцца з лідарам партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым, які з вясны знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Напярэдадні яна спрабавала ўбачыць свайго падабароннага, аднак ёй адмовілі ў сустрэчы, паведамляе БелаПАН са спасылкай на дачку палітыка Кацярыну.

Адвакатцы патлумачылі, што сустрэча немагчымая, таму што ў Кастусёва каранавірус. Аднак раней, нагадвае дачка палітыка, ім казалі, што, ужо знаходзячыся ў СІЗА, палітык атрымаў дзве дозы вакцыны супраць COVID-19.

Кацярына таксама распавяла аб апошнім лісце бацькі, які сям'я атрымала 25 жніўня. У ім ён піша, што адчувае сябе дрэнна. У сярэдзіне ліпеня ў яго западозрылі анкалагічнае захворванне. У жніўні нарэшце звазілі на абследаванне, але пра вынікі родным не распавядаюць.

Раней сям'я "прасіла правесці ўсе неабходныя абследаванні і прыняць тэрміновыя меры па лячэнні бацькі". Але ім адказалі, што Кастусёў "атрымлівае поўны курс лячэння, прызначанага ў адпаведнасці з рэкамендацыямі лекараў-спецыялістаў".

"Але ў лісце за гэтыя ж дні тата скардзіцца на прыступы, амаль як былі раней. Ад вялікай колькасці лекаў у яго з'явіліся праблемы з ныркамі", — распавяла Кацярына Кастусёва.

Усе хадайніцтвы аб змене меры стрымання і пераводзе палітыка пад хатні арышт у сувязі са станам здароўя засталіся без задавальнення.

Кацярына нагадала, што "па выніках УГД ад 22 ліпеня стаяла пытанне аб тэрміновай аперацыі, але да гэтага часу ўсё ў застоі". Родныя асцерагаюцца за жыццё палітыка.

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове. Адначасова былі затрыманыя палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, а таксама юрыст з ЗША беларускага паходжання Юрый Зянковіч. Праз некалькі дзён Аляксандр Лукашэнка заявіў аб затрыманні групы, якая планавала замах на яго і яго дзяцей, і звязаў гэта са спецслужбамі ЗША.

Затрыманым былі прад'яўленыя абвінавачванні па ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам). Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі