У лістападзе на будаўнічай пляцоўцы БелАЭС пачнуцца асноўныя працы
Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БелТА паведаміў дырэктар па будаўніцтве Беларускай АЭС Юрый Пуставы.
"Расійскі бок ацэньвае ход работ на пляцоўцы як здавальняючы. Адставання ад графіка на сённяшні дзень няма. Плануецца, што асноўныя работы на будаўнічай пляцоўцы АЭС пачнуцца ў лістападзе", — распавёў Пуставы.
Ён таксама дадаў, што "да працы дапушчаны вельмі кваліфікаваныя будаўнічыя арганізацыі, якія выконваюць усе вытворчыя задачы".
Для будаўніцтва Беларускай АЭС, якая размесціцца на Астравецкай пляцоўцы ў Гродзенскай вобласці, абраны расійскі праект "АЭС-2006" з вода-вадзяным энергетычным рэактарам ВВЭР-1200. Тэрміны рэалізацыі праекта адлюстраваны ў генеральным кантракце: увод першага блока атамнай станцыі ў прамысловую эксплуатацыю запланаваны на лістапад 2018 года, другога — на ліпень 2020 года.
Фота: n1.by.