У літоўскай школе для дзяцей-беларусаў закупілі дзённікі з дзяржсцягам РБ
Дзённік з чырвона-зялёным сцягам на вокладцы / lrt.lt
Вучні адной са школ Вільні прынеслі дадому беларускія дзённікі з дзяржаўнай сімволікай, у тым ліку чырвона-зялёным сцягам. Гэта здзівіла бацькоў, якія вымушаныя былі бегчы ў Літву ад рэпрэсій. Пра гэтую гісторыю распавядае рэсурс LRT.lt са спасылкай на бацьку адной з вучаніц. Сям'я Андрэя перабралася ў Літву ў студзені. Школа, куды аддалі дзяцей, сям'і спадабалася.
У пачатку гэтага навучальнага года бацькоў папрасілі здаць каля 3,5 еўра на дзённікі для дзяцей. "Учора дзіця вярнулася са школы з беларускім дзённікам і, шчыра кажучы, я агаломшаны ўбачаным", — кажа Андрэй і прызнаецца, што для яго гэта стала шокам. На дзённіках былі чырвона-зялёныя сцягі, "якія нагадвалі пра Беларусь, дзе пад такімі сцягамі людзей забівалі, і дзе сядзяць цяпер палітвязні".
Ён таксама распавёў, што яго дзеці бачылі, як яго збівалі падчас ператрусу ў іх дома. І дзеці добра разумеюць, чаму сям'і давялося пакінуць Беларусь.
Класная кіраўніца патлумачыла Андрэю, што закупкай дзённікаў займаўся бацькоўскі камітэт. Яна таксама прапанавала яму альбо заляпіць у дзённіку сцягі і надзець вокладку, альбо купіць літоўскі дзённік. Але ён у разы даражэй. Дырэктар гімназіі Грыгішкес Ханка Гжыбоўска, калі даведалася пра сітуацыю, выбачылася перад бацькамі. Яна паведаміла, што "вучні гэтых дзённікаў не атрымаюць, іх ужо забралі".
Рэсурс таксама адзначае, што цяпер, у школах Вільні вучыцца 506 дзяцей, якія выбралі мовай навучання беларускую. З улікам прыватных школ такіх вучняў у горадзе 740. Але рэальныя лічбы могуць быць вышэй, паколькі ўказанне роднай мовы не з'яўляецца абавязковым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.