У магілёўскім офісе “Вясны” міліцыя праводзіць ператрус

Магілёўскі офіс незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі “Вясна” знаходзіцца ў звычайнай кватэры. 12 сакавіка каля 13-й гадзіны сюды прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, цяпер яны праводзяць агляд памяшкання і ператрус.

“У мяне ёсць інфармацыя, што гэтыя падзеі звязаныя з ранішнім ператрусам у магілёўскага журналіста Ігара Барысава”, — расказаў Еўрарадыё магілёўскі праваабаронца Аляксей Колчын.

У журналіста Ігара Барысава ператрус ладзілі раніцай 12 сакавіка. Міліцыянты прыйшлі каля 9-й гадзіны. У выніку вынеслі тры кампутары, а таксама мадэм. Барысава падазраюць у паклёпе. Нагодай для гэтага паслужыла скарга генеральнага дырэктара мясцовага прадпрыемства “Стужка”. На сайце “Наш Магілёў”, які рэдагуе Ігар Барысаў, з’явілася неправераная інфармацыя, што гэты буйны мясцовы менэджэр нібыта захапляецца гульнёй у казіно і марнуе не толькі ўласную маёмасць. Гендырэктара не задаволіла гэта інфармацыя і ён звярнуўся ў міліцыю.

Якім чынам публікацыя Ігара Барысава можа быць звязанай з дзейнасцю праваабаронцаў, пакуль незразумела. “Вясна”, цэнтральны офіс якой знаходзіцца ў Мінску, мае прадстаўніцтвы ў большасці буйных гарадоў краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі