У Магілёве развіталіся з 22-гадовым міліцыянтам, якога застрэлілі невядомыя
У Магілёве пахавалі інспектара ДПС, 22-гадовага лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча, якога знайшлі застрэленым 16 траўня. Цырымонія развітання пачалася раніцай 18 траўня ў ў абласным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы.
На развітанні прысутнічае шмат супрацоўнікаў міліцыі: уся вярхушка абласнога УУС, начальнік абласной ДАІ Міхаіл Неўмяржыцкі, былыя аднагрупнікі, сябры і родныя загінулага хлопца.
На першай лаве, побач з труной, у атачэнні сваякоў і сяброў сям'і сядзіць яго мама Вольга. Крыху далей — тата Мікалай.
Калегі і сваякі лічаць за лепшае не размаўляць з прэсай.
Сяброўка сям'і Святлана прыйшла на развітанне з дачкой: дзеці дзвюх сем'яў гадаваліся разам.
— Сёння сонечны дзень. Жэня назаўжды застанецца для нас сонейкам, — кажа жанчына. — У яго шмат сяброў, выдатныя бацькі. Ён заўсёды быў вельмі ўсмешлівы. Выбачайце, калі ласка. Нічога больш не магу сказаць. Гэта вельмі цяжка, гэта трагедыя для нас.
На развітанне прыйшло каля 2000 чалавек. Пахаванне адбылося на вясковых могілках у Бялыніцкім раёне.