У Магілёве судзілі медсястру, якая крала ў пацыентаў марфін
Ін'екцыя, ілюстрацыйнае фота
Да пяці гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў 50 базавых велічынь (1850 рублёў) прысудзілі медсястру з Магілёва, якая скрала ў пацыентаў каля 50 ампул марфіну. Жанчыну судзілі за "крадзеж даручаных ёй асабліва небяспечных наркатычных сродкаў і іх незаконнае захоўванне без мэты збыту" (ч. 2 арт. 327, ч. 1 арт. 328 КК).
Следства высветліла, што па паперах пацыенты атрымлівалі марфін. Аднак у рэальнасці частка атрымала іншы прэпарат (медсястра замяняла марфін на кафеін), частцы марфін наогул не прызначалі. У выніку жанчына змагла атрымаць 47 ампул з марфінам. На судзе яна часткова прызнала віну, але адзначыла, што брала гэтыя ампулы для сябе. Паводле яе слоў, яна пакутуе ад моцных боляў, а іншыя прэпараты ёй не дапамагаюць. Экспертыза паказала, што ў яе арганізме сапраўды ёсць сляды ўжывання марфіну, а таксама псіхатропу трамадол. Але, паводле заключэння экспертаў, паказанняў да ўжывання гэтых прэпаратаў у жанчыны не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.