У Маладзечне пасля вулічнай акцыі жорстка затрымалі Лябедзьку і Губарэвіча
У Маладзечне пасля вулічнай акцыі затрымалі лідара Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і кіраўніка руху "За Свабоду" Юрася Губарэвіча. Ёсць звесткі і пра іншых затрыманых. Іх пакінулі за кратамі да суда.
Як інфармавала Еўрарадыё, у мітынгу і шэсці ў Маладзечне супраць дэкрэта № 3 прынялі ўдзел больш за 500 чалавек.
Падчас онлайн-трансляцыі ў сваім фэйсбуку Лябедзька паведаміў наступнае: "Спынілася машына, выскачылі людзі з яе і пачалі цягнуць волакам, біць... Калі мяне закідвалі, там ужо ляжаў расхінуты Губарэвіч. Тапталіся па ім... Зараз я ў будынку РУУС. Ну, спадзяюся, што гэта РУУС, бо ніхто мне яшчэ не назваўся. Ніводнага разу не назваліся".
Затрымлівалі і журналіста БелаПАН Сяргея Каралевіча, але пасля адпусцілі.
"Наша ніва" паведамляе пра затрыманне Віталя Рымашэўскага, Вольгі Кавальковай і Алеся Абрамовіча.