У Маладзечне прайшла акцыя супраць "дэкрэта аб дармаедах"

У Маладзечне прайшла акцыя супраць "дэкрэта аб дармаедах"

Увечары 10 сакавіка ў Маладзечне прайшла "акцыя недармаедаў". На Цэнтральнай плошчы горада сабраліся сотні людзей. З Мінску прыехалі апазіцыйныя дзеячы Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч, Віталь Рымашэўскі. Выступоўцы, у тым ліку і мясцовыя жыхары, патрабавалі адмены дэкрэта № 3, казалі пра тое, што "працы ў горадзе няма", што яны не вераць абяцанкам пра "500 долараў сярэдняга заробку". Натоўп скандаваў "Жыве Беларусь!", "Слава Генадзю Карпенку" (гэта першы мэр горада, які памёр у 1999 годзе).

Выступіў і старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец. Спачатку ён папярэдзіў, што мітынг несанкцыянаваны, а пасля прапанаваў прыслаць дэлегатаў у райвыканкам. Чыноўнік сказаў гэта і пайшоў. Людзі ж яго сустрэлі непрыязна.

Была прынятая рэзалюцыя мітынгу, якую зачытаў Лябедзька. У ёй адзначаецца: "Патрабуем адмяніць дэкрэт № 3, прыняць новы эканамічны курс, ліквідаваць заганы пенсійнай сістэмы, адмяніць кантрактную сістэму, унесці змены ў Выбарчы кодэкс".

Пасля гэтага больш за паўтысячы чалавек прайшлі шэсцем па горадзе. Яны прымацавалі на дзверы падатковай інспекцыі аркуш з тэкстам рэзалюцыі. Пасля гэтага акцыя была скончаная. Людзі падпісваліся за адмену дэкрэта № 3.

Пазней стала вядома пра затрыманні. У пастарунку апынулася некалькі чалавек, сярод іх Лябедзька і Губарэвіч.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі