У Малдове на сродкі ЕС збіраюцца мадэрнізаваць сваю армію

У Малдове на сродкі ЕС збіраюцца мадэрнізаваць сваю армію

У Малдове збіраюцца мадэрнізаваць сваю армію. Пра гэта ў інтэрв'ю newsmaker.md распавёў дзяржсакратар Мінабароны Валерыу Міжа. "Малдова — асаблівы для NATO партнёр, таму што ў нас нейтральны статус, і альянс заўсёды гаворыць з намі з пазіцыі павагі канстытуцыйнага нейтралітэту, — кажа ён. — Альянс не навязвае, а прапануе дапамогу, здольную задаволіць нашы патрэбы".

А армія Малдовы пакуль застаецца невялікай — 6500 чалавек і 2 тысячы чалавек персаналу. У чэрвені Савет ЕС ухваліў дапамогу ўзброеным сілам гэтай краіны ў памеры 40 мільёнаў еўра. Грошы пойдуць і на набыццё неабходнага абсталявання, і на навучанне вайскоўцаў. Адбываецца гэта на фоне вайны ва Украіне.

Міжа адзначае важнасць заходняй дапамогі, паколькі фінансаванне абароны пакуль нязначнае — 0,3-0,4% ВУП. Стаіць мэта павялічыць яго да 2%.

Дзяржсакратар Мінабароны адзначае, што "трэба мадэрнізаваць усё і адразу". Найперш гаворка ідзе пра пераўзбраенне. Малдова будзе імкнуцца да стандартаў NATO.

"Большая частка сродкаў, выдзеленых нам Еўрасаюзам, пойдзе на мабільнасць і лагістыку ў тыле, — кажа Валерыу Міжа. — Акрамя іншага, мы хочам мадэрнізаваць інжынерныя войскі, ваенна-палявую медыцыну, кіберабарону, сродкі тэлекамунікацый і сістэму назірання за спецыяльнымі зонамі пры дапамозе дронаў".

Абмяркоўваюцца пастаўкі верталётаў, у якіх армія Малдовы мае патрэбу.

Міжа падкрэслівае, што Кішынёў адсочвае сітуацыю ў Прыднястроўі, дзе знаходзіцца каля 1,2 тысячы расійскіх вайскоўцаў. "Пакуль мы не бачым тут вялікіх рызыкаў", — кажа ён.

Мадэрнізацыю арміі яшчэ вясной анансавала прэзідэнт Малдовы Мая Санду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі