У Малі загінуў беларус, які ўладкаваўся кіроўцам да вагнераўцаў

Аляксандр Жэгздрын

Аляксандр Жэгздрын / nashaniva.com

У Малі ад агнястрэльных раненняў загінуў беларус Аляксандр Жэгздрын, яму было 35 гадоў, піша "Наша Ніва". У Афрыку ён з'язджаў з Расіі, у лістападзе 2023 года сказаў родным, што едзе туды працаваць кіроўцам. А ў студзені яго жонцы Вікторыі патэлефанавалі і паведамілі, што Аляксандр Жэгздрын загінуў ад агнястрэльных раненняў каля сталіцы краіны, горада Бамако — там як раз знаходзіцца база ПВК "Вагнер". Цела Аляксандра ў Беларусь перавезлі таксама прадстаўнікі ПВК

Выданне адзначае, што расійскія найміты знаходзяцца ў Малі з 2021-га года. Яны прыехалі туды па запрашэнні мясцовай хунты. А ў красавіку 2024-га стала вядома, што Расія пашырае набор на афрыканскі кірунак, запрашаюць і беларусаў — пераконваюць тым, што рызык там менш, чым ва Украіне.

Пра Аляксандра Жэгздрына вядома, што сур'ёзных праблем з законам у яго не было. Адзінае вядома пра тое, што ў 17 гадоў ён зліў дзесяць літраў бензіну з нейкай машыны, а таксама скраў лабавыя шчоткі і крышку бака. Але тады справу закрылі за адсутнасцю складу злачынства.

Ён часта мяняў працу — працаваў і кіроўцам, і мэнэджэрам. У чэрвені 2021-га па пастанове суда Аляксандру абмежавалі выезд з Беларусі, за што — невядома. У жніўні 2023 года Аляксандр паехаў на заробкі ў Расію, і ўжо там падпісаў кантракт на працу ў Малі. У Лідзе ў мужчыны засталіся жонка і дзве непаўналетнія дачкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі