У Маскве заявілі пра "неадэкватныя дзеянні службы бяспекі" ў Мінску (відэа)
На тэлеканале "Россия-1" распавялі пра "дзікае" абыходжанне з іх журналістамі падчас саміту ў Палацы Незалежнасці.
Вядомы расійскі прапагандыст, фігурант "чорнага спісу" ЕС Дзмітрый Кісялёў на галоўным расійскім дзяржаўным тэлеканале "Россия-1" распавёў пра здарэнне з іх карэспандэнтамі Вольгай Скабеевай і Паўлам Зарубіным у сталіцы Беларусі падчас нядаўняй сустрэчы "нармандскай чацвёркі".
"Абодва ў Мінску сутыкнуліся з неадэкватнымі дзеяннямі службы бяспекі", — кажа Кісялёў. Паводле яго слоў, Паўла за пытанне Парашэнку пра бамбёжкі завялі ў нейкае памяшканне і там зачынілі на пэўны час. Вользе ж пытанне Парашэнку не далі задаць. Ёй "у літаральным сэнсе груба затыкнулі рот", распавядае Дзмітрый Кісялёў. Ён падкрэслівае, што з боку гэта выглядала "бесцырымонна і дзіка", і гэта ніяк не адпавядала ўзроўню мерапрыемства ў "прэзідэнцкім палацы".
"Вольга, якая ніколі ў жыцці з падобным не сутыкалася, дагэтуль перажывае стрэс", — працягвае Кісялёў. Ён гаворыць пра "дэманстратыўны гвалт у адрас прафесійных журналістаў" у Мінску, ды яшчэ журналістаў прэзідэнцкага пула. Яны, паводле слоў расійскага прапагандыста, "палову свету аб'ехалі і паўсюль без здарэнняў". І толькі ў сталіцы Беларусі іх пакрыўдзілі.
У сюжэце не згадваецца, якая менавіта служба бяспекі дзейнічала "неадэкватна": Аляксандра Лукашэнкі ці Пятра Парашэнкі. Толькі ў тэксце да відэа, змешчаным на YouTube, ужо згадваецца "ўкраінская Служба бяспекі".