У Мінадукацыі Беларусі анансавалі павышэнне заробку педагогам
Педагогам абяцаюць "паслядоўнае павышэнне памеру аплаты працы"
У Мінадукацыі Беларусі анансавалі павышэнне з 1 студзеня 2024 года заробку педагогам. Адпаведная пастанова была прынятая яшчэ 20 снежня 2023-га.
Настаўнікам устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі заробак павысяць на 22 адсоткі ад акладу, "кіраўнікам з ліку педагагічных работнікаў, настаўнікам дзіцячых школ мастацтваў, настаўнікам-дэфектолагам, выхавальнікам груп падоўжанага дня і іншым катэгорыям" — на 15% ад акладу, "кіраўнікам і спецыялістам з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу" — на 5% ад акладу.
Устаноўлена даплата "за складанасць выкананай працы" для выхавальнікаў, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, "якія ажыццяўляюць персанальнае суправаджэнне навучэнцаў з засмучэннямі аўтыстычнага спектру" — 30% ад базавай стаўкі. Для памочнікаў выхавальніка "пры аказанні дапамогі ў суправаджэнні навучэнцаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата з выяўленымі парушэннямі перамяшчэння, невідушчым навучэнцам, а таксама навучэнцаў з парушэннямі мовы, з цяжкасцямі ў навучанні, якія маюць парушэнні паводзін" — 20% ад базавай стаўкі.
У Мінадукацыі адзначаюць, што ўрадам плануецца на працягу 2024 года "паслядоўнае павышэнне памеру аплаты працы педагагічных работнікаў".
Калі ў лістападзе намінальны налічаны сярэдні заробак у адукацыі складаў 1.357,1 рубля, сярэдняя заработная плата ў РБ — 1.975,6 рубля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.