У Мінгарвыканкаме палічылі "Свята вышымайкі" несанкцыянаваным мерапрыемствам
Symbal.by Fest (альбо "Свята вышымайкі") чыноўнікі Мінгарвыканкама палічылі несанкцыянаваным мерапрыемствам і падалі заяву ў міліцыю. Пра гэта напісаў у сацсетках заснавальнік кампаніі Symbal.by Павел Белавус.
"Свята вышымайкі" прайшло 23 жніўня ў мінскай "Пясочніцы". Удзел у дабрачынным канцэрце прынялі гурты Akute, :B:N:, Dzieciuki ды Navi Band.
Па словах Белавуса, перад канцэртам у "Пясочніцу" з праверкай прыйшоў намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Аляксандр Шастакоў. Чыноўнік выказаў прэтэнзіі да правядзення музычных мерапрыемстваў без дазволу.
Белавус прыйшоў на прыём да Шастакова і паказаў дакументы на арэнду пляцоўкі, абсталяванне, ахову і г.д. У адказ чыноўнік заявіў, што арганізатары канцэрта павінныя прытрымлівацца заканадаўства.
"Я сказаў, што мы прытрымліваемся заканадаўства, а дакладней Кодэкса аб культуры, дзе ў пункце 7 артыкула 213 гаворыцца, што ні пасведчання, ні дазволу, ні ўзгаднення для арганізацыі і правядзення культурна-відовішчнага мерапрыемства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не патрабуецца, калі культурна-відовішчныя мерапрыемствы праводзяцца без атрымання прыбытку (даходу) з удзелам запрошаных выканаўцаў.
І спытаў у Шастакова: ці правільна я разумею заканадаўства? Ён адказаў, што не ў яго абавязках тлумачыць нам законы.
На гэтым мы і разышліся. А я так і не пачуў ад яго канкрэтыкі — што не так мы робім і што ён хоча", — піша Белавус.
Аднак пасля канцэрту выявілася, што з упраўлення культуры Мінгарвыканкама была напісаная заява ў міліцыю на правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства.
Цяпер па выніках праверкі міліцыянты паведамілі, што адміністрацыйная справа супраць Белавуса спыненая, бо парушэння ў яго дзеяннях няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.