У Мінску адчыніўся інфатуркіёск. Яго супрацоўнікі не ведаюць замежных моваў
У будынку чыгуначнага вакзала ў Мінску 9 чэрвеня ўрачыста адчынілі першы ў сталіцы інфатуркіёск, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны".
Там жыхары і госці Мінска могуць бясплатна атрымаць даведачную і турыстычную інфармацыю, узяць мапы і даведнікі па горадзе і пры жаданні купіць сувеніры беларускіх майстроў. Павільён працуе з 8.00 да 20.00 без выходных. Зараз там пазменна працуюць два спецыялісты.
Гэты інфакіёск для турыстаў стварылі УП "Мінгардаведка" разам з інфармацыйна-турысцкім цэнтрам "Мінск".
Дырэктар "Мінгардаведкі" Барыс Васільеў кажа, што зарабляць плануецца за кошт продажу сувеніраў: у кіёску прадстаўленыя працы 20 народных майстроў і прамысловых прадпрыемстваў Беларусі.
Праўда, замежнымі мовамі супрацоўнікі інфатуркіёску не валодаюць. "У перспектыве плануем арганізаваць курсы замежнай мовы для супрацоўнікаў, каб яны маглі вольна кантактаваць з замежнымі гасцямі сталіцы", — дадаў Васільеў.
Яшчэ адзін такі ж інфартуркіёск плануецца адкрыць у Верхнім горадзе.