У Мінску адключаюць ацяпленне на аб’ектах сацыяльнай сферы
У Мінску ад сёння пачынаюць адключаць ацяпленне на сацыяльных аб’ектах. Батарэі перастануць грэць у дзіцячых садках, школах, лякарнях і паліклініках, а таксама ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, музеях, архівах і бібліятэках.
Ацяпленне ў сталічным жылым фондзе пачалі адключаць з учорашняга дня, 5 траўня, нагадвае БЕЛТА. Разам з кватэрамі ад цяпла пачалі адключаць інтэрнаты, гатэлі, установы прафесійна-тэхнічнай, сярэдне-спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.
Грамадскія і адміністратыўныя будынкі, а таксама прамысловыя прадпрыемствы перасталі атапліваць яшчэ з 3 красавіка.
Абвяшчаючы пра рашэнне адключыць ад цяпла кватэры, гарадскія ўлады спасылаюцца на спрыяльны прагноз надвор’я. Тым часам, на бліжэйшых выходных у Мінску зноў прагназуецца пахаладанне з марозам да -3 уначы і з мокрым снегам.