У Мінску кіраўнікі МУС Беларусі і Грузіі абмеркавалі барацьбу з тэрарызмам
У Мінску кіраўнікі МУС Беларусі і Грузіі Ігар Шуневіч і Георгій Мгебрышвілі абмеркавалі барацьбу з тэрарызмам, з наркатрафікам і кіберзлачыннасцю. Грузінская дэлегацыя знаходзіцца ў нашай краіне з трохдзённым візітам. На сустрэчы гаворка ішла пра далейшае развіццё супрацоўніцтва праваахоўнікаў дзвюх краін па розных накірунках службовай дзейнасці, інфармуе прэс-служба МУС Беларусі.
Шуневіч і Мгебрышвілі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні па пытаннях арганізацыі аздараўлення дзяцей супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Абмен групамі запланаваны ўжо на 2016 год. "Мы гатовыя прымаць гасцей у ведамственным санаторыі "Белая Русь", — сказаў Ігар Шуневіч.
Грузінская дэлегацыя азнаёмілася з магчымасцямі МУС Беларусі, з аб'ектамі, практычным досведам беларускіх праваахоўнікаў (у тым ліку спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз"). Беларускі бок цікавілі рэформы, якія адбыліся ў міністэрстве ўнутраных спраў Грузіі.