У Мінску латвійскія футбалісты трапілі ў распранальню з дапамогай сякеры
Стала вядомая прычына, чаму на другі тайм учорашняга матча 1-га кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы на стадыёне "Трактар" гульцы юрмальскага "Спартака" выйшлі са спазненнем. Як паведамляла Еўрарадыё, мінскае "Дынама" выйграла з лікам 2:1. Пасля першага тайма дынамаўцы выйгравалі з лікам 1:0, другі ж тайм не пачынаўся, паколькі латвійскія футбалісты не выходзілі на поле. Меркавалася, што прычына была ў жорсткай размове, якую з гульцамі правёў галоўны трэнер. Аднак насамрэч узнікла праблема з дзвярыма.
На старонцы ФК "Дынама-Мінск" ВКонтакте паведамляецца, што нешта здарылася з замком у дзвярах распранальні і латвійскія футбалісты каля 10 хвілін стаялі ў калідоры. Дзверы ўдалося адчыніць толькі з дапамогай сякеры (на здымку). Прадстаўнікі "Спартака" кажуць, што не ведаюць, спецыяльна гэта было зроблена ці не, але на сваім стадыёне яны абяцаюць прыдумаць нешта падобнае.
7 ліпеня дынамаўцы згуляюць са "Спартаком" матч у Юрмале.