У Мінску пачаўся суд над экс-журналістам АНТ Дзмітрыем Семчанкам
Дзмітрый Семчанка на судзе / БЕЛТА
У Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы былога журналіста тэлеканала АНТ, кіраўніка "пула Лукашэнкі" Дзмітрыя Семчанкі.
Яму інкрымінуюць наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне нацыянальнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч.1 арт. 130 КК). Семчанку вінавацяць у допісах у тг-каналах і чатах, зробленых у 2020-2022 гадах. Нібыта, ягоныя каментары былі "накіраваныя на фармаванне ў грамадскасці непрыязнасці і нянавісці да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, вайскоўцаў і прадстаўнікоў улады".
Сам журналіст да суда знаходзіўся пад вартай.
Паведамляецца, што на судзе ён прызнаў сваю віну.
Семчанка да жніўня 2020 года быў адным з найбольш актыўных прапагандыстаў дзяржаўнай палітыкі. Але пасля пачатку пратэстаў ён сышоў з БТ. Пасля звальнення яго некалькі разоў затрымлівалі і судзілі па адміністрацыйных артыкулах.
Семчанка перайшоў працаваць у кампанію "Белагра". У сярэдзіне верасня 2022 яго зноў пасадзілі на суткі, а потым пачалі крымінальную справу. У самой кампаніі адбыўся ператрус, яе работнікаў абвінавацілі ў падтрымцы пратэстаў у 2020 годзе.
Праваабаронцы прызналі Дзмітрыя Семчанку палітвязнем.
Дзмітрый Семчанка на судзе / БЕЛТА
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.