У Мінску пачаўся суд за дрыфт на плошчы Перамогі
У Партызанскім судзе сталіцы пачаўся суд над мінчуком, які зладзіў дрыфт на плошчы Перамогі ў Мінску, інфармуе БЕЛТА. Маладога чалавека вінавацяць у хуліганстве і здзеку з асабліва каштоўнай матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Здарэнне адбылося ў ноч на 29 лістапада 2016 года. Мінчук на "Мерсэдэсе" заехаў на плошчу перад помнікам, не прызначаную для аўтамабільнага руху. У кіраваным заносе ён зрабіў тры кругі па тэрыторыі манумента Перамогі. Падчас гэтага парушальніка заўважыў патруль ДАІ. Кіроўца не зрэагаваў на патрабаванні спыніцца і паспрабаваў уцячы, аднак яго ўрэшце злавілі.
Паведамляецца, што за хуліганства маладому чалавеку пагражае пакаранне ў выглядзе грамадскіх работ, або штрафу, або папраўчых работ на тэрмін да двух гадоў, або арышту, або абмежавання волі на тэрмін да двух гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў. За здзек з гісторыка-культурнай каштоўнасці — штраф, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.