У Мінску разглядалі канцэпцыю антыдыскрымінацыйнага заканадаўства
Для нашай краіны. Круглы стол на гэтую тэму правялі “Беларускі Хельсінскі камітэт” і сетка “Супраць дыскрымінацыі ў Беларусі”.
Яшчэ летась была завершаная праца па падрыхтоўцы дакладу аб праблеме роўнасці і дыскрымінацыі ў Беларусі. Праца праводзілася БХК сумесна з беларускімі і брытанскімі партнёрамі. У дакладзе былі вызначаныя праблемы і неабходнасць развіцця заканадаўства ў гэтай сферы. Цяпер жа экспертамі быў падрыхтаваны дакумент, які і абмеркавалі на круглым стале.
Вось што расказаў Еўрарадыё старшыня БХК Алег Гулак:
"Канцэпцыя была абмеркаваная і будзе дапрацаваная. І далей будзе прапанаваная нашым дзяржаўным структурам і грамадству для прасоўвання, прыняцця, павышэння абароненасці ў такой важнай сферы, як роўнасць і недапушчэнне дыскрымінацыі".
Паводле слоў Гулака, у мерапрыемстве ўдзельнічалі эксперты з Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Эстоніі. Яны расказалі пра досвед іх краін. Мяркуецца, што канцэпцыю дапрацуюць ужо ў пачатку восені.
Фота — Fotolia